Праект НІШО - гэта магчымасць кожнага беларуса зрабіць беларускую мову больш адкрытай і дынамічнай.
Кожны можа быць суаўтарам анлайн слоўніка НІШО!
На гэтай платформе самімі носьбітамі мовы збіраюцца сучасныя беларускія словы, слэнг гарадскіх і сельскіх супольнасцяў, прафесійны жаргон, а таксама старыя словы, якія набываюць новыя сэнсы ў сучасным кантэксце.
Тут можна дадаваць і галасаваць за словы, якія вы лічыце вартымі ўжытку.
Мы перакананы, што мову стварае грамадства. А гэта не толькі лінгвісты і прафесійныя літаратары, гэта простыя людзі, адмыслоўцы ў розных галінах, падлеткі, блогеры, журналісты, наогул любы, хто штодзённа карыстаецца мовай. Тое, што мы называем дыялект ці слэнг можа станавіцца агульнапрынятым словам ці выразам.
Сацыяльныя практыкі вызначаюць быць слову ці не быць у нашай мове.
Вы магчыма часта сустракаліся з такой пазіцыяй. “Я люблю мову, але ….”. Можна дзясяткі розных “але” паставіць. Мы лічым, што калі вы не ведаеце ўсіх словаў, варта пачынаць размаўляць.
У размове, у стасунках з іншымі, у штодзённай прафесійнай працы вы можаце вынайсці свой рытм, свой стыль, сваё слова, больш смачнае, зручнае і дапасаванае да патрэбы. Мы заклікаем смела размаўляць і эксперыментаваць.
Ваша - мова, вашы - правілы. І тады дакладна нішо будзе!
*Нішо з заходне-палешуцкага дыялекта значыць “нешта”.